Страницы истории

Чэрвеньская цэнтральная раённая бібліятэка

         У 2020 годзе бібліятэцы споўнілася 100 гадоў.
          У паўсядзённых клопатах неяк не заўважаеш, якое хуткаплыннае наша жыццё. Даты, падзеі, падзеі, даты, і зусім незаўважна падышоў да нас юбілей. Чэрвеньскай раённай бібліятэцы – 100 гадоў!
100 гадоў – многа альбо мала? Для каго як. Для чалавека ўзрост салідны, а ў гісторыі адно імгненне. 
І як у чалавека, лёс установы таксама складваўся па-рознаму. Здараліся ўзлёты і падзенні, чаргаваліся светлыя і чорныя палосы, перажывалі радасці і расчараванні.
       У снежні 1920 года ў Чэрвені былі адкрыты дзве бібліятэкі: 1-ая цэнтральная савецкая бібліятэка (загадчыца – Загароўская Станіслава Казіміраўна, бібліятэкар – Пратасевіч Аляксандр Іванавіч, вартаўнік – Плоткіна Фрыда) і 2-я савецкая бібліятэка-чытальня ( бібліятэкары Півавар  Двося Лейбаўна і Родава Фейга, вартаўнік – Пінхасік Бенцыян Мардухавіч). Пры бібліятэках працавалі таксама 6 лектараў, якія раз’язджалі па  павету і чыталі лекцыі. У Ігумені праводзілі па 10 лекцый. Аплата  кожнай па 300 рублёў.
         У  смету расходаў на 1920 год уваходзіла аплата  загадчыку бібліятэкі – 8000 руб, бібліятэкару – 7000 руб, лектарам – 7000 руб. Праводка 6 ламп (па 5 тысяч рублёў) разам з месячнай аплатай – 48 000 руб.
      На закупку літаратуры было зрасходавана 54 000 000 руб. У т.л. цэнтральнай бібліятэцы – 1 600 000 руб.
   Пры  2-й савецкай бібліятэцы працаваў літаратурна-драматычны гурток. Ставіліся п’есы на яўрэйскай, беларускай і рускай мовах, праводзіліся вечары культмасавага характару: “Чытаць навучыся, тады жаніся”. Вядома, што гурток “Бура ” паставіў п’есы “Міхалка” Далецкіх і “Чорт і Баба” Ф.Аляхновіча (аб гэтым  у 1921 годзе пісала газета “Савецкая Беларусь”). У 1923 годзе была пастаўлена п’еса У.Галубка “Апошняе спатканне”.
    Зберагліся правілы карыстання кнігамі, дзе меліся такія пункты:
— Кніг мала — беражыце кнігу.
— Кнігі лёгка вымазваюцца і рвуцца, абыходжвайцеся з імі беражна.
— Не кладзіце кнігу на брудны стол. Пасцяліце бумагу або чыста вытрыце месца, куды кладзіцё кнігу.
— Кнігі выдаюцца ўсім бясплатна. Кожнаму чытачу выдаецца адразу не больш 2 –х кніг. Кнігі выдаюцца на 7 дзён. Яны павінны быць вернуты не пазней той даты, якая адзначаецца на вокладцы кнігі.
 У красавіку 1921 года разрозненыя  бібліятэкі пераехалі ў будынак на вуліцы Мінскай. З гэтага часу ў нашым горадзе была адна цэнтральная бібліятэка, працавала 3 работнікі.
 28 верасня 1934 года для працоўных г.Чэрвеня праведзены вечар-сустрэча з беларускімі пісьменнікамі М.Лыньковым, Я.Коласам, удзельнікамі 1-га Усесаюзнага з’езду савецкіх пісьменнікаў.
 У 1939 годзе ў раённай бібліятэцы налічвалася 10 000 экз. , кніг, часопісаў, газет. Кнігі выдаваліся не толькі чытачам бібліятэкі, але і ў хаты-чытальні раёна.
             28 верасня 1934 года для працоўных г.Чэрвеня праведзены вечар-сустрэча з беларускімі пісьменнікамі М.Лыньковым, Я.Коласам, удзельнікамі 1-га Усесаюзнага з’езду савецкіх пісьменнікаў.
          У 1939 годзе ў раённай бібліятэцы налічвалася 10 000 экз. , кніг, часопісаў, газет. Кнігі выдаваліся не толькі чытачам бібліятэкі, але і ў хаты-чытальні раёна.
  У гады вайны бібліятэка працавала ў памяшканні былога Дома піянераў. Загадчыкам бібліятэкі быў Азерскі. Па расказах мясцовага краязнаўцы Уладзіміра Дарагужа,  ў фондзе бібліятэкі былі кнігі рускай і замежнай класікі. Сярод іх запомніліся П.Мэрымэ “Матэо Фальконэ”, Леў Талстой “Лепш галодны, але свабодны”(казка), Тарас Шевченко, “Дневник”, былі падручнікі. Некалькі экземпляраў тагачаснай бібліятэкі зараз знаходзяцца ў фондзе мясцовага краязнаўчага музея. Пры бібліятэцы працаваў драматычны гурток.
Пры вызваленні горада бібліятэка была разгромлена.

У ліпені 1944 года пачалася стварацца раённая бібліятэка. Было выдзелена памяшканне ў Доме культуры, загадчыцай прызначана Мурашка Надзея Герасімаўна. Яна ўспамінала: “Для камплектавання  не было выдзелена  ніякіх грошавых сродкаў. Спачатку кнігі браліся ў насельніцтва. Быў аб’яўлены лозунг “Хочыш чытаць ў бібліятэцы – прынясі кнігу”. І людзі неслі. Больш 50 асабістых кніг перадала сама Мурашка Н.Г. Згодна інвентарнай кнігі   на 10 кастрычніка 1944 года налічвалася 1374 экз. кніг, дарэчы, інвентарыя кнігі ваеннага і пасляваенных гадоў захаваліся. З іх можна ўбачыць, што кніга пад №1 – Горький М. Ранние рассказы (1937г.), былі кнігі па мастацтву Владек “Чайковский”(1940г.), Слетаев П. “Глинка” (1935), кнігі беларускіх пісьменнікаў - Броўка П.”Кацярына” (1938г.), Чорны К.”Трэцяе пакаленне” (1939г.), кнігі рускіх і замежных класікаў Пушкіна  Някрасава, Чэхава, Уэльса. Верна…   Можна было пачынаць работу па абслугоўванню чытачоў. 25 кастрычніка 1944 года з дзяржаўнага фонду паступіла 975 экз. кніг. У 1945 годзе ў дар бібліятэцы паступіла некалькі пасылак з Масквы, Горкага і іншых гарадоў. Затым паступаюць кнігі праз “Саюздрук”. Можна было працаваць.
У 1946 годзе ў Чэрвеньскім дзяржаўным банку быў адкрыты рахунак загадчыцы бібліятэкі  Мурашка Надзеі Герасімаўны, і яна распараджалася сваімі сродкамі. У кастрычніку ў бібліятэцы працавала  ўжо 2 чалавекі. Загадчыцай бібліятэкі стала Ельпанціфарава Аляксандра Іванаўна, а Надзея Герасімаўна працавала бібліятэкарам да выхаду на пенсію. Дарэчы, абедзве яе дачкі Эльвіра і Зоя таксама атрымалі бібліятэчную адукацыю і працавалі першая - ў бібліятэцы ў Гродненскай вобласці, другая – у Мінску.
У 1949 годзе ў раённай бібліятэцы налічвалася 6916 экз. кніг, абслугоўвалася 782 чытачы і выдадзена ім 38 830 экз. кніг. Чытаемасць складала амаль 50 экз.
У 1950 годзе  была адкрыта дзіцячая бібліятэка.
З 1954 года загадчыцай бібліятэкі пачала працаваць Жданава Софья Мікалаеўна. Усё сваё жыццё гэта цудоўная жанчына прысвяціла бібліятэчнай справе. У цяжкі пасляваенны час ураджэнка Курскай вобласці закончыла Харкаўскі дзяржаўны бібліятэчны інстытут. А крыху больш за паўстагоддзе  па волі лёсу апынулася ў Чэрвені, дзе яе прызначылі  загадчыцай раённай бібліятэкі. У 1978 годзе Софья Мікалаеўна ўзначаліла Чэрвеньскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму і працавала на гэтай пасадзе да пенсіі. Да кожнай справы Софья Мікалаеўна ставілася вельмі добрасумленна. Гэтага патрабавала і ад падначаленых. Яна бралася за любую работу, не чакаючы чыёйсці  падказкі і не гонячыся за пахвалой. Ніякія цяжкасці не палохалі  невысокую ростам, але надзвычай энергічную жанчыну. Софья Мікалаеўна – бібліятэкар не толькі  прафесіі, але  і па прызванню. І яе працу ацанілі па заслугах – узнагародзілі медалём “За доблестный труд”, Ганаровай граматай МК СССР, Ганаровай граматай БССР. Але самае каштоўнае, што яна мае – гэта ўдзячнасць людзей.
Пасля Софьі Мікалеўны дырэктарам стала Кавалёнак Тамара Ермалаеўна.  Яна была ініцыятарам  стварэння літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”, якому ў красавіку гэтага года споўніцца 35 гадоў. Да гэтай даты аддзел бібліятэчнага маркетынгу падрыхтаваў тэматычную папку матэрыялаў.
Потым непрацяглы час бібліятэку ўзначальвалі  Альховік Людміла Леанідаўна. (1986-1987), Краснагір Таццяна Іванаўна  (1987-1988).  Людзі не абыякавыя да  бібліятэкі, усё сваё працоўнае жыццё аддалі бібліятэчнай прафесіі.
З 1988  па 2000 гг.   бібліятэку  ўзначальвала Азяўчыкава Іна Сцяпанаўна. У яе перыяд кіраўніцтва быў выдадзены зборнік “Мая Ігуменшчына”. Традыцыйна сталі праводзіцца сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.
З 2001 года бібліятэку ўзначальвала Войцік Л.У. – яна пасля заканчэння Мінскага інстытута культуры прыйшла сюды працаваць метадыстам, затым была загадчыцай аддзела бібліятэчнага маркетынгу. Людміла Уладзіміраўна  — натура творчая. Яна з’яўляецца аўтарам многіх распрацовак па рабоце з ветэранамі вайны і ветэранамі-бібліятэкарамі. Яна любіць і добра адчувае паэзію. Часта на  вершы мясцовых паэтаў рэагуе вострымі эпіграмамі.. А яшчэ Людміла Уладзіміраўна падтрымлівае любую ініцыятыву сваіх калег. Дзякуючы яе падтрымцы былі праведзены юбілейныя вечары, прысвечаныя Якубу Коласу, Янку Купалу, Максіму Багдановічу, творчыя сустрэчы з пісьменнікамі. У нас у гасцях былі Уладзімір Арлоў, Вольга Іпатава, Эдуард Акулін, Уладзімір Мароз, Алена Масла, Алесь Карлюкевіч.
З 2015 года бібліятэку ўзначальвае Ліфанава Наталля Віктараўна.
У штаце цэнтральнай бібліятэкі – 14 спецыялістаў. З іх 8 – маюць вышэйшую бібліятэчную адукацыю, 3 - сярэднюю спецыяльную бібліятэчную адукацыю, адна студэнтка-завочніца БДУМіК. 9 бібліятэкараў раённай бібліятэкі  маюць стаж 25 і болей  гадоў.
Кніжны фонд бібліятэкі складае  90 тыс. экз., па характару – універсальны, разлічаны на задавальненне інфармацыйных і культурных патрэб насельніцтва раёна. Вялікім попытам карыстаюцца шматлікія універсальныя і галіновыя энцыклапедыі, падручнікі для студэнтаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, перыядычныя выданні.
Вялікай каштоўнасцю бібліятэкі з’яўляюцца  краязнаўчыя матэрыялы. Яны прадстаўлены ў выглядзе краязнаўчай картатэкі, кніг , перыядычных выданняў і згрупаваны ў шматлікія тэматычныя  і персанальныя папкі газетна-часопісных выразак ( Кразнаўчыя папкі “Максім Багдановіч”, “Тодар Лебяда”, “Станіслаў Манюшка”, “Анатоль Вольны”,”Марыя Адамейка”, “Мікола Каспаровіч”…)\
Асаблівае месца ў складзе бібліятэчнага фонда нашай бібліятэкі займаюць кнігі з аўтографамі. Сярод іх ёсць аўтографы Янкі Брыля (Избранное, Мн., 1957), Івана Шамякіна (Трывожнае шчасце,Мн., 1962), Алеся Бачыла (Зоркі вясеннія, Мн., 1954), Барыса Сачанкі (Вялікі лес, Мн., 1982), Сяргея Законнікава (Вера,Надзея,Любоў, Мн., 1983), Янкі Скрыгана (Людзьмі звацца…,Л.,1959), Уладзіміра Арлова (Каханак яе вялікасці, Мн., 2004), Рыгора Барадуліна (Маўчанне Перуна, Мн., 1986), Аляксея Каўкі (От Скорины до Купалы, М., 2006), Вольгі Іпатавай (Альгердава дзіда, Мн., 2002), Міколы Вяршыніна (Крыштальная душа, Мн., 1983), Эдуарда Акуліна (Крыло анёла.Мн., 1995) і інш.
          Прыярытэтным напрамкам ў дзейнасці Чэрвеньскай ЦРБ  з’яўляецца папулярызацыя беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі роднага краю, беларускай краязнаўчай літаратуры. Гэтаму ў значнай меры садзейнічае распрацаваная доўгатэрміновая краязнаўчая праграма  “Спадчына” (2004-2010гг.)   
         Работнікі аддзел бібліятэчнага маркетынгу заносяць у камп’ютар  матэрыял па тэме “Памяць Міншчыны”, “Спадчына. Падзеі,”  які ўключае  краязнаўчыя  звесткі пра  Ігуменшчыну і яе знакамітых людзей.
Пачынаючы з 2004 года бібліятэка  праводзіць краязнаўчыя чытанні “Бібліятэка і культурная спадчына раёна”.
       Выдавецкая дзейнасць Чэрвеньскай  ЦРБ  накіравана на выпуск бібліяграфічнай прадукцыі, якая мае дачыненне да краязнаўства, да Чэрвеньшчыны (Ігуменшчыны), паэтычных зборнікаў і краязнаўчых матэрыялаў. Да 120-годдзя Я.Коласа было праведзена літаратурнае даследаванне “Сцежкі Якуба Коласа скрыжоўваліся на Ігуменшчыне”.
       У 2003 годзе ў гонар 140-годдзя  паўстання пад кіраўніцтвам К.. Каліноўскага распрацаваны і выдадзены краязнаўчы ўрок “Паўстанне 1863 года на Ігуменшчыне”, у 2004 годзе – гістарычны ўрок-пазнанне “Тэатр Антонія Тызенгаўза ў Гродна і ігуменец Міхаіл Рымінскі”.

Да 75 -годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў  і 75 годдзе Перамогі  былі  праведзены фестываль краязнаўчых урокаў сярод сельскіх бібліятэкараў раёна. Матэрыялы ўрокаў  надрукаваны ў зборніку “Гучаць званы памяці”.
Наша бібліятэка заўсёды была зацікаўлена ў цесных суадносінах з творчымі людзьмі. Немалаважную ролю тут адыгрывае выдавецкая дзейнасць. На кірмашы - 2004 адметнай падзеяй   стала прэзентацыя зборніка вершаў настаўніка і краязнаўца з вёскі Ляды Юрыя Бабіча “Шукаю першую пралеску”. Гэта дэбют для аўтара і першае літаратурнае выданне, створанае ў бібліятэцы.
Паэтычны зборнік Ю.Бабіча “Шукаю першую пралеску” паклаў пачатак яшчэ адной добрай нашай традыцыі - да Дня бібліятэк выпускаць  літаратурны зборнік мясцовага аўтара.

У 2005 другая палова свята Дня бібліятэк была прысвечана прэзентацыі  другога самавыдавецкага зборніка карэспандэнта мясцовай газеты “Раённы веснік” Святланы Адамовіч “Роздум”. Яна праходзіла ў чытальнай зале ў цудоўнай атмасферы дабрыні чалавечых сэрцаў, шчырасці сказаных слоў.
У 2006 годзе выдадзены чарговы зборнік самадзейнага паэта з в.. Дамавіцк Валянціна Дзядзюка “За годам год”.
У 2008 годзе аддзелам бібліятэчнага маркетынгу быў выдадзены зборнік   “Споведзь”. Яго аўтар – журналіст, загадчык сацыяльна-эканамічнага аддзела рэдакцыі газеты “Раённы веснік” Ігар Адамовіч. 
Чацвёртага ліпеня 2009г.  работнікі Цэнтральнай бібліятэкі ладзілі сустэчу з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны і тымі, хто адчуў яе пакуты ў дзіцячым узросце. Марыя  Антонаўна Бяжан -  чытач цэнтральнай бібліятэкі -   ў вайну  была дзіцем.  Яна запомніла і таленавіта, шчыра, на роднай мове перадала ў сваіх успамінах тое, што давялося перажыць.  Напярэдадні святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў супрацоўнікі раённай бібліятэкі выдалі гэтыя яе расповяды пад дзіцячым прозвішчам Сталовіч кніжкай “Сцежкамі памяці”. І на сустрэчы, удзячныя дзеці і моладзь чыталі іх на памяць, перадавалі невялікімі сцэнкамі. Асабліва стараліся ўнукі Марыі Антонаўны.
Выдадзены бібліяграфічныя паказальнікі “Экалагічныя праблемы Чэрвеньшчыны” (2000г), “Знакамітыя людзі Чэрвеньшчыны” (2001-2002гг.), “Бібліятэка ў друку” (2004г.), “Наш горад Чэрвень (Ігумен) у 2-х частках (2006г.), “Іх імёнамі названы вуліцы Чэрвеня” (2009г.) і шмат  іншых.
Паказальнік “Знакамітыя людзі Чэрвеньшчыны”  не  прэтэндуе на паўнату, але ў ім змешчаны багатыя звесткі.  Адбіраючы матэрыял для яго, мы  імкнуліся даць як мага поўную інфармацыю па тэме. Ён уключае асобныя выданні, матэрыялы і артыкулы змешчаныя ў кнігах, даведніках, зборніках, часопісах і газетах, краязнаўчых папках. А таксама матэрыялы, змешчаныя ў бібліяграфічным бюлетыні “Новыя кнігі” (НББ).
Выдаючы б/ф паказальнік  “Бібліятэка ў друку”, ставілі мэту прарэкламаваць сваю бібліятэку, бо кожны год дзейнасці бібліятэк меў сваё значэнне, ён характарэзаваў працэс развіцця бібліятэчнай справы на Чэрвеньшчыне, арганізацыю абслугоўвання розных груп чытачоў, формы і метады работы. Гэта знаходзіла сваё адлюстраванне ў друку.
Бібліяграфічны спіс “Іх імёнамі названы вуліцы Чэрвеня” выдадзены да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (2009г.). Імёнаў, якімі названы вуліцы Чэрвеня шмат, у спісе ўключаны імёны тых, хто загінуў у Вялікую Айчынную вайну. Уключае 5 бібліяграфічных персаналій: Г.Барыкін, М.Зеневіч, М.Матусевіч, А.Флегантаў, Л.Шамецька. Даецца кароткая біяграфічная даведка, змяшчаюцца фотаздымкі помнікаў, і спісы найбольш значных літаратурных крыніц аб героях і помніках ім прысвечаных ( 40 назваў). Матэрыял размешчаны ў алфавітным парадку.
Маючы паказальнікі па розных тэмах можна разлічваць на веданне гісторыі, гісторыі якую рабілі людзі. А бібліятэкары зробяць ўсё каб захаваць і данесці наступным пакаленням інфармацыю.
Кожны дзень бібліятэка гасцінна  расчыняе дзверы для сваіх чытачоў,  колькасць якіх звыш 3400 чалавек.
З задавальненнем яны  прыходзяць сюды, каб узяць новую кнігу, пачытаць свежыя газеты і часопісы, сустрэцца з цікавымі творчымі людзьмі, а заадно пагутарыць на розныя хвалюючыя тэмы з бібліятэкарамі. Яны маюць розную адукацыю, у іх розныя запатрабаванні, а бібліятэкары імкнуцца як мага поўней задаволіць іх запыты.
Сярод нашых чытачоў многа вядомых і цікавых людзей. На беларускім радыё  “Культура” працуе Бандаровіч Вераніка, якая з’яўляецца чытачом бібліятэкі са школьных гадоў. На радыё “Культура” гучаць рэпартажы пра мерапрыемствы бібліятэкі. Нашым чытачом з’яўляецца сябра Саюза пісьменнікаў  Генадзь Аўласенка. Ён актыўны член клуба “Ветразь”. Кожны раз на яго пасяджэннях чытае свае новыя вершы, знаёміць з празаічнымі творамі. Часты госць бібліятэкі мясцовы краязнаўца, кіраўнік літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь” Уладзімір Дарагуж, які дарэчы мае шыкоўную фанатэку. Уладзімір Георгіевіч вельмі шмат ведае пра гісторыю Чэрвеньшчыны (Ігуменшчыны). У гэтых пытаннях ён наш шчыры памочнік і дарадца.  Наведваюць  бібліятэку доктар сельскагаспадарчых навук Леанід Шофман і яго жонка Ксенія Баталіна.  Маючы сваю   бібліятэку, у якой кнігі з пачатку  ХІХ стагоддзя,  знаходзяць цікавыя кнігі, тэмы і ў нашай  —Леанід Ісаакавіч — гістарычныя раманы, Ксенія Уладзіміраўна — новыя вершы, гарадскія раманы. Стасункі з імі незабыўныя, бо яны вельмі  начытаныя, адукаваныя шчырыя. Трэба адзначыць і нашых актыўных сяброў – гэта Уладзімір Адамовіч, Зоя Сушкевіч, Генадзь Рымашэўскі  і іншыя.
Прафесійны шлях калектыва насычаны  творчым пошукам, ініцыятывай, а служэннем справе  мы заваявалі аўтарытэт, павагу  жыхароў Чэрвеня.

Ніціеўская Г.А.
Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу.



Комментарии