"Край, в котором ты живёшь...". Стихи о Червенщине


ВАЛЯНЦІН ДЗЯДЮК

Мая Ігуменшчына

 

Куды б мяне дарога ні пазвала,

А да цябе вярнуся я здаля.

Ты любай сэрцу, дарагой мне стала,

Ігуменская ветлая зямля.

 

З краёў   далёкіх і з тлумы сталічнай

Мой накірунак, як заўжды, адзін:

Да сонечных бароў тваіх сунічных

І да тваіх мядовых лугавін.

 

З людзьмі тваімі зжыўся  я душою,

Бяда ці радасць тут на ўсіх адна.

Апошняю   падзеляцца са мною

Скарынкаю і чаркаю віна.

 

Не паддаешся ты ніякай скрусе,

І шчодра родзяць луг твой і ралля.

Жыві, квітней, часцінка Беларусі,

Ігуменская ветлая зямля!

 

  

Ігуменка

 

Была яна калісьці паўнаводнай,

Служыла чалавеку дзень пры дні,

Рыбацкія чаўны гайдала годна,

Млыноў круціла спраўна камяні.

 

                  Людзей яна  паіла і карміла,

 Была для іх шляхом у белы свет,

 Астуджвала ў вірах сваіх, тапіла

 Захопнікаў драпежніцкі імпэт.

 

                  Не ацанілі мы яе даброты

                  І безаглядна, ў нашы ўжо часы,

                  Дашчэнту абязводзілі балоты,

                  Ахоўныя панішчылі лясы.

 

                  І вось ужо Ігуменка не тая:

                  Станчэла, абязрыбела рака.

                  З усіх бакоў чарот яе сціскае

                  І душыць, асмялеўшы, асака…

                  Не ўмелі мы  разумна гаспадарыць,

                  А рушыць – проста, вунь які размах…

                  Не выйшла над прыродай уладарыць,

                  Не стала болей хлеба на сталах.

 

                  Няма былой прыроднай раўнавагі,

                  Усё зрабілі людзі, што маглі,

                  Каб сохлі вусны ад смяротнай смагі

                  У роднай нашай мацеркі-зямлі.

    

Ігумень 

 

У  баку ад вялікіх гандлёвых шляхоў,

У  абдымках з лагоднай ракою

Праз стагоддзі-вякі наш Ігумень прайшоў,

З ёй заручаны назвай адною.

Лёс краіны ўсёй раздзяліў ён спаўна,

Быў ён воінам, быў партызанам.

І да гэтай пары яму сніцца вайна

І  смыляць невылечныя раны.

Не займеў наш Ігумень вялікіх спакус,

І хоць шыку ды бляску бракуе,

Б’ецца роўна ягоны напружаны пульс

І жыццё ў ім, як трэба, віруе.

Тут і мудрасць, і вопыт бывалых людзей

Крочаць поруч з імпэтам юначым,

І любімага горада заўтрашні дзень

Мы наперадзе сонечным бачым.

На быліннай зямлі, нібы казачны птах,

Вуліц крылы раскінуў ён вольна,

І плыве па-над ім ап’яняючы пах

Траў мядовых з лугоў навакольных.

Вабіць ён да сябе, што квітнеючы сад,

Ад  вясны і да восеньскай сцюжы.

Тут буяе наўкол зеляніна прысад,

Палымнеюць вяргіні ды ружы…

Прычакаеш, Ігумень, ты зорны свой час,

Верым, станеш і ты знакамітым:

Працалюбства і талентаў хопіць у нас,

Для сяброў ты заўсёды адкрыты.

 

   

СВЯТЛАНА АДАМОВІЧ

 

                                        ***

Лясамі і бяскрайнімі балотамі

З маленькім лёгкім клункам на плячах

Да возера, зарослага чаротамі,

Ігумення свой пракладала шлях.

 

Малітву шчыра ўзносіла да Бога,

Каб сіл закласці скіт Гасподзь ёй даў...

Да горада вяла яе дарога,

Што люд пасля Ігуменем назваў.

 

Шмат часу з той пары сплыло з вадою...

Квітнее шчодра ўвесну горад-сад...

Мы ганарымся роднаю зямлёю,

Якую Боскі асвяціў пагляд.

 

   

Марыля

(песня)

Маёй зямлячцы      

            Марылі Мякоце, маці         

     Максіма Багдановіча,

прысвячаецца

 

 

Жыцця з’яўленне прывітала свечка,

А на ігуменскай зямлі

У беднай хаце за імклівай рэчкай

Дачку Марыляй нараклі.

 

Святло надзей, святло чаканняў...

Вачэй дзіцячых цеплыня...

Марыля, на шляху спатканняў

Свяціцца хай тваё імя.

 

Твой ясны позірк паланіў Адама,

Пазбавіў сну яго зусім...

І вось ужо пяшчотным словам “мама”

Цябе паклікаў сын Максім.

 

        Святло надзей, святло чаканняў...

        Вачэй дзявочых цеплыня...

        Марыля, на шляху спатканняў

        Свяціцца хай тваё імя.


      У небе зоркі шлях свой пракладаюць,

                 А свечкі гаснуць на зямлі...

У сэрцах памяць людзі захаваюць

Аб Багдановічаў сям’і.

 

                 Святло надзей, святло чаканняў...

         Вачэй жаночых цеплыня...

                  Марыля, на шляху расстанняў

                  Свяціцца хай тваё імя.

 

 

                     АЛЕСЬ ЖАРТ

                     Мая Ігуменшчына

 

                     А на Ігуменшчыне – палі бяскрайнія,
                    Зямля багатая і ўраджайная,
                    Лясы прыгожыя ды з пералескамі,
                    Палянка кожная зіхціць пралескамі.
 
                    Мая Ігуменшчына – старонка дзіўная,
                    Зямля цудоўная, зямля былінная.
                    Тут светла марыцц і лёгка ходзіцца,
                    Бяз песень людзі тут не абыходзяцца.
 
                    Тут праца з песняю вякамі звязаны.
                    Паданні мудрыя не ўсе расказаны.
                    Легенды сівыя спяць пад курганамі
                    З гадамі блізкімі, з часамі даўнімі.
 
                    Мая Ігуменшчына – зямля бацькоўская,
                    Мая гаротная, мая геройская.
                    Сюды вярнуўся я, як птушка з выраю.
                    Табе – любоў мая, падзяка шчырая.
 
   
                        АЛЕСЬ КАЎКО
                        Бацькоўскаму краю
                        Сплывала нядоля салёнай слязою –
                        Ігуменка помніць рака,
                        Як чэрвеньскім ранкам, амыты расою,
                        Ты сонечны дзень сустракаў.
                        Народ непахісны – салдат і араты
                        Па-праўдзе змагаўся і жыў.
                        Перад табою я вінаваты,
                        Што песні дасюль не злажыў.
                        Пакутнаю ноччу, бядой разгуканы,
                        Чало не схіліўшы ані,
                        Ты нішчыў чужынцаў агнём партызана,
                        Ад глуму наш дом бараніў.
                        Праз енк і пакуты да вечных вышыняў
                        Узнеслі балесны вянок
                        Жыўём спапялёныя нашы Хатыні:
                        Ачыжа, Усохі, Клінок.
                        Калі небасхіл заіскрыўся лагодны,
                        Вясна расхінула шацёр.
                        Ты кожную жменьку карміліцы роднай
                        Мазольнай рукой перацёр.
                        Расквечана садам зямля маладая,
                        Не ціхне вясновы прыбой,
                        Ласкавае слова няхай прыгадае
                        Маю трапяткую любоў.
                        Цярушыць праменна далёкая просінь
                        На ростані сцежак-дарог.
                        У сэрцах цяпло мацярынскае носім –
                        Сумленне яно і зарок.
                        Узмежкам бацькоўскім душой павяраем
                        Блакітных надзей далячынь,
                        Крыніцай празрыстай над Чэрвеньскім краем
                        Прыветная песня, гучы!
                        Сцяг палымяны трымаеш высока –
                        Чырвоную радасць-зару,
                        Часцінка азёрнай зямлі яснавокай,
                        Мой край, мая Беларусь!
 
 

Комментарии