Змястоўным і цікавым было майскае пасяджэнне  літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”. Прысвяцілі яго тром тэмам. Падчас паэтычнаай гадзіны “Шэдэўры японскай паэзіі” старшыня клуба Уладзімір Дарагуж пазнаёміў прысутных з гісторыяй краіны ўзыходзячага сонца. Узгадаў пра формы класічных японскіх вершаў: хоку і танка. Потым Уладзімір Георгіевіч узгадаў кнігу “Круглы год. Хоку беларускіх паэтаў” 1996 года выдання.
Другая тэма пасяджэння клуба - літаратурна-музычная гасцёўня “Мая ціхая песня дубраўная”. Яна была прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння беларускай паэтэсы Ніны Тарас.Вельмі пранікнёна пра жыццё і творчасць юбіляркі распавяла Галіна Калеснікава. Яна ўзгадала прысутным зборнікі вершаў і паэм паэтэсы, кнігі паэзіі для дзяцей і асобныя вершы, якія сталі папулярнымі песнямі.“Кахаць і быць каханымі” – так называлася апошняя тэма майскага пасяджэння. Сябры клуба напамяць чыталі любімыя вершы, прысвечаныя “делам сердечным”. Паэтычныя радкі Анатоля Вярцінскага, Івана Курбекі, Веранікі Тушновай, Канстанціна Сіманава і іншых гучалі ў выкананні Уладзіміра Дарагужа, Яўгена Несцяровіча, Галіны Ніціеўскай, Алены Шульгі, Лідзіі Пыка, Зоі Сушкевіч, Наталлі Жданок, Людмілы Чаркоўскай. Асабістыя вершы, прысвечаныя каханню, прагучалі ў выкананні Раісы Церашонак. З усмешкай успрынялі юмарыстычныя творы, якія выканаў Уладзімір Крамарчук на украінскай мове. Наогул вершы гучалі на беларускай, рускай і польскай мовах.

Комментарии