“Святло праменнае душы…” – так назвалі вечарыну, прысвечаную АюКуляшову. Былы настаўнік роднай мовы і літаратуры Яўген Несцяровіч расказаў, якім быў Аркадзь Куляшоў чалавекам, бацькам, пісьменнікам… Гэта стала магчымым дзякуючы аповесці-эсэ “Лясному рэху праўду раскажу”, напісанай дачкой Валянцінай Куляшовай і прысвечанай бацьку. Яўген Антонавіч вельмі яскрава ўзгадаў яркія моманты з яго маленства, радаводу, першага кахання, шляху ў літаратуру і сяброўства з пісьменнікамі. Працягваючы размову, Уладзімір Адамовіч назваў юбіляра шчырым беларусам, таленавітым паэтам, харошым чалавекам, а яшчэ адзначыў яго памяркоўнасць і разважлівасць. Сябар клуба Анатоль Турбал распавёў пра той час, калі працаваў акампаніятарам у доме культуры і бачыў п’есу па творы Аркадзя Куляшова пра бацьку Міная ў пастаноўцы Народнага тэатра пад кіраўніцтвам Уладзіміра Хаўранкова.

На вечарыне гучалі ўрыўкі з паэм “Далёка да акіяна”, “Балада аб чатырох заложніках” і вершы ў выкананні сяброў клуба Уладзіміра Адамовіча, Яўгена Несцяровіча, Васіля Шачка, Веры Хаткевіч. Прыемна, што паэтычны твор “Камсамольскі білет” на памяць прагучаў у выкананні Аляксандры Макатовіч. З задавальненнем усе ўдзельнікі мерапрыемства паслухалі запіс песні “Алеся” на словы паэта ў выкананні “Песняроў”.

Цікава перайшоў да абмеркавання другой тэмы пасяджэння Уладзімір Адамовіч, параўноўваючы дзвюх асоб, дзвюх юбіляраў. І невыпадкова, бо яны жылі, працавалі, пісалі ў адзін і той жа час. Былы настаўнік адзначыў, што дэвізам да творчасці Тодара Лебяды могуць служыць яго ж словы: “…Я – сын верны Маці-Беларусі”. Дарэчы, іх можна аднесці да ўсёй творчасці паэта.

Тодар Лебяда (Пётр Шырокаў) нарадзіўся ў Віцебску. Так здарылася, што яго лёс быў звязаны з нашай Чэрвеншчынай. Уладзімір Паўлавіч прачытаў асабісты верш, прысвечаны асобе паэта і ўзгадаў пра дачку Пятра Шырокава – Алу Пятроўну Козел, якая зараз жыве ў Чэрвені. У нашым раёне жыве і ўнучка юбіляра – Юлія Еліна. Дзякуючы ёй, адбылася сустрэча з Алай Пятроўнай. На жаль, па стану здароўя яна не змагла прыйсці на мерапрыемства. Але пры сустрэчы і размове з ёй адкрылася шмат цікавага і пазнавальнага. Дачка паэта не толькі паказала, але і дала пакарыстацца адзіным творам бацькі “Песьні выгнаньня”, дарэчы адзін з вершаў у гэтым зборніку прысвечаны ёй. Паказала шмат фотаздымкаў з сямейнага альбома, звязаных з жыццём бацькі. Здымак апошніх гадоў жыцця (на фота). Многія моманты яна памятае і зараз. Напрыклад, у якой сукенцы была апранута яна і яе маці Бася, калі прыехалі у Мінск на перагляд справы аб арышце бацькі і мужа. Трэба сказаць, што Тодар Лебяда з жонкай у 1962 годзе жылі і працавалі ў Чэрвені. Асабіста мне цікава было даведацца, што назву нашага клуба “Ветразь” дачка паэта, Ала Пятроўна, падказала першаму яго старшыні Галіне Леанідаўне Бярковіч, якая разам з ёй працавала ў рэдакцыі газеты “Уперад”.

Сустрэча атрымалася змястоўнай, запамінальнай і карыснай для кожнага яе ўдзельніка.

Комментарии