Сто пятнаццацігоддзю з дня нараджэння беларускіх паэтаў Паўлюка Труса і Адама Русака было прысвечана майскае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”.
Пра асноўныя этапы жыцця і дзейнасці юбіляраў удзельнікам сустрэчы распавялі бібліятэкары. Сябры клуба Яўген Несцяровіч і Уладзімір Адамовіч шмат добрых і цёплых слоў адрасавалі дзвюм постацям. Прыемную ўсмешку выклікаў сатырычны верш Паўлюка Труса пра самагоншчыка ў выкананні Яўгена Антонавіча. Уладзімір Паўлавіч, зямляк юбіляраў, прадставіў Паўлюка Труса – яскравай постаццю, шчырым лірыкам, класікам роднай літаратуры, рускім Ясеніным, культурным, простым, сумленным, вясёлым, а Адама Русака – музыкантам, скрыпачом, гумарыстам. Адзначыў, што амаль 200 вершаў паэта пакладзена на музыку і сталі песнямі.
На працягу ўсяго мерапрыемства гучалі запісы вядодомых песень на словы Паўлюка Труса і Адама Русака ў выкананні беларускіх артыстаў. Сябры клуба з задавальненнем чыталі паэтычныя творы  юбіляраў.
З інтарэсам праглядзелі ўрывак з аўтарскай праграмы Аляксандра Дамарацкага “Свет далёкай зоркі”, прысвечаны Адаму Русаку. Два музычных твора на словы паэта-песенніка пад акампанімент баяна прагучалі ў выкананні творчага і сямейнага дуэта Анатоля і Людмілы Турбалаў. Анатоль Сцяпанавіч засяродзіў сваю ўвагу на песні “Толькі з табою”, музыку да якога напісаў Ісаак Любан. Ён узгадаў, што Адам Русак і самадзейны кампазітар былі сябрамі. А яшчэ пра тое, што ў 70-ыя гады на свой юбілей Ісаак Ісааковіч запрасіў Натальеўскі народны хор пад кіраўніцтвам Івана Архіпавіча Няборскага, салісткай якога была сябра клуба Сафія Картавусава і ансамбль народных інструментаў пад кіраўніцтвам Івана Іосіфавіча Лычкоўскага, удзельнікам якога быў баяніст Анатоль Турбал.



Музычную старонку падрыхтавалі сябры клуба Анатоль і Людміла Турбал. У выкананні творчага дуэта прагучалі творы Булата Шалвавіча “Полночный троллейбус” і “Песенка об Арбате”. Выступленне сямейнай пары ўдзельнікі клуба сустракалі дружнымі апладысментамі.



Комментарии