Студзеньскае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь” было прысвечана творчасці беларускай паэтэсы Веры Вярбе. Літаратурна-паэтычны вечар «Сябе як помню ад калыскі…» прайшоў ў гонар 80-годдзя з дня яе нараджэння.

          У пачатку сустрэчы сябры клуба з вялікім задавальненнем праслухалі запіс песьні “Ручнікі” (“У суботу Янка ехаў ля ракі”) на словы паэтэсы ў выкананні знакамітага ансамбля “Песняры”. Потым удзельнікі пасяджэння пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам юбіляркі.

          Сябра клуба Уладзімір Адамовіч прыгадаў, што вучыўся разам з будучай паэтэсай у БДУ на філалагічным факультэце. Ён адзначыў, што яе вершы выклікаюць шмат эмоцый, наводзяць на ўспаміны, вызываюць розныя пачуцці. Яны пранікнёныя, шчырыя і пяшчотныя. У выкананні  Уладзіміра Паўлавіча прагучалі паэтычныя творы “Вяртанне” і “Мой край”.

          Узнёсла і выразна чыталі вершы паэткі сябры клуба Людміла Чаркоўская, Зоя Сушкевіч, Алена Шульга, Сафія Кайрыс.

          Рубрыка “Наш каляндар” была прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння паэта, перакладчыка, фалькларыста Алеся Гурло. Удзельнікі сустрэчы узгадалі жыццё і творчасць юбіляра, прачыталі паэтычныя творы, у якіх ён услаўняў нашу савецкую рэчаіснасць.

          Наступнае 370-е пасяджэнне клуба пройдзе 24 лютага. Яно будзе прысвечана творчасці пісьменніка Алеся Наўроцкага, а рубрыка “Наш каляндар” – паэту Алесю Пісьмянкову.


Комментарии