Генацыд: ведаць, памятаць, не дапусціць

У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася дыялогавая пляцоўка, прысвечаная Году гістарычнай памяці. На яе завіталі чытачы, якія неабыякава ставяцца да тэмы масавага гвалту над людзьмі.


Падчас сустрэчы ўзгадалі трагедыі спаленых вёсак Папова Града і Буда на Чэрвеньшчыне, Хатыні і Дальвы на Лагойшчыне.

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі даведаліся пра тое, што на Чэрвеньшчыне па ініцыятыве пракуратуры раёна створана карта спаленых вёсак, на якой пазначаны 64 населеныя пункты, якія былі цалкам або часткова знішчаны.

Прысутныя разважалі, што такое генацыд. Паводле меркавання Зоі Сушкевіч, гэта татальнае знішчэнне нацыі, у асноўным габрэяў і цыган. Яе бабуля Ганна расказвала маці, а тая пераказвала дачцэ, што ў Чэрвені расстрэльвалі габрэяў. А адна сям’я хавала траіх габрэйскіх дзяцей. На жаль, далейшы іх лёс невядомы.

Зоя Альбертаўна прыгадала, што краязнаўца Уладзімір Дарагуж распавядаў, як вялі габрэйскія сем’і на расстрэл. Запомнілася, што нават дзеці ішлі моўчкі. Знішчылі іх усіх за горадам, дзе зараз стаіць помнік, як напамін пра тыя жудасныя дні.

Часткова быў спалены Мачаск Бярэзінскага раёна – родная вёска Соф’і Кайрыс. Са слоў яе маці, так немцы адпомсцілі за тое, што непадалёк ад іх вёскі на лясной дарозе партызаны падбілі дзве машыны з акупантамі. Соф’я Барысаўна прыгадала, як у час вайны суседзі бацькоў – дзве родныя сястры – прытулілі, выгадавалі і далі пуцёўку ў жыццё невядомаму чарняваму хлопчыку, які ў той час застаўся адзін.

А яшчэ падчас вайны, з успамінаў бацькоў Соф’і Кайрыс, яе родны брат ацалеў толькі цудам. Снарад разарваўся, калі ён сядзеў на каленях у бабулі. Хлопчык выжыў, а бабуля памерла.


Паразважала на тэму, што такое генацыд, Людміла Міхайлаўна Чаркоўская. Яна прыгадала тое, што памятала пра вайну яе маці Валянціна, і падзялілася ўспамінамі нешматслоўнага дзеда Антона – таксама са слоў маці.

Алена Шульга паведаміла, што ў яе родным Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці паблізу чыгуначнай станцыі Бронная Гара нямецкімі акупантамі былі расстраляны больш за 50 тысяч мірных жыхароў, у пераважнай большасці – габрэяў. На тым месцы стаіць помнік. А на яго пастаменце ўсталявана мемарыяльная дошка з надпісам на чатырох мовах – беларускай, англійскай, іўрыце і ідыш. Там паведамляецца, што помнік устаноўлены ў памяць аб ахвярах нацызму. Цяпер гэта мемарыяльны комплекс. Сюды прыязджаюць людзі з розных краін свету, чые родныя загінулі на гэтым месцы. Са слоў Алены Аляксееўны, апошні прытулак на Броннай Гары знайшлі і жыхары Чэрвеня.

Дыялогавая пляцоўка прайшла якасна і змястоўна. Усе пагадзіліся, што гістарычныя падзеі тых часоў трэба ведаць і памятаць.

Святлана Ждановіч, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэтральнай раённай бібліятэкі



Комментарии