Падчас чэрвеньскага пасяджэння літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь» яго сяброў запрасілі ў літаратурна-музычную гасцёўню «Мы – з Купалам», прымеркаваную да 140-годдзя народнага паэта Беларусі.

На пачатку сустрэчы яе ўдзельнікі прагледзелі відэафільм «Мой любімы паэт. Янка Купала», прысвечаны жыццю і творчасці юбіляра, і праслухалі запісы песень «Малітва» і «Спадчына» ў выкананні беларускага ансамбля «Песняры».

Сябры клуба Зоя Сушкевіч і Софія Кайрыс дэкламавалі ўрыўкі з паэмы «Курган». Алена Шульга прачытала паэтычны твор «Алеся».

Уладзімір Адамовіч пазнаёміў прысутных з цікавымі эпізодамі з жыцця Янкі Купалы, узгадаў, якую ролю ў лёсе паэта адыгралі Паліна Мядзёлка і Уладзіслава Луцэвіч. Уладзімір Паўлавіч прачытаў на памяць верш «А хто там ідзе?», які пераклалі на 101 мову свету!

Узгадалі прысутныяі неўміручую камедыю «Паўлінка». Дарэчы, дваццаць гадоў таму ў нашай бібліятэцы намаганнямі яе супрацоўнікаў і актыўных чытачоў быў пастаўлены ўрывак адтуль.

З цікавасцю ўдзельнікі сустрэчы пагарталі бібліятэчны альбом і паглядзелі фотаздымкі са сцэнкі «Паўлінка», зробленыя ў 2002 годзе, калі адзначаўся чарговы юбілей класіка беларускай літаратуры.

У рубрыцы «Наш каляндар» гаворка ішла пра двух юбіляраў: Раісу Баравікову і Ігара Адамовіча.

Пра сваю зямлячку з Бярозаўскага раёна паэтку Раісу Баравікову распавяла Алена Шульга. Яна засяродзіла ўвагу сяброў клуба на тым, што творчасць юбіляркі – гэта вялікі ўнёсак у беларускую літаратуру. Яна так адмыслова і яскрава апісвае быт палешукоў! А калі чытаеш містычныя паэтычныя творы Раісы Баравіковай, атрымліваеш вялікую асалоду. Сёлета паэтцы споўнілася 75 гадоў.

Уладзімір Адамовіч падзяліўся ўласнымі думкамі і разважаннямі з сябрамі клуба. З цікавага: Раіса Баравікова мае дачу на Уздзеншчыне – радзіме Уладзіміра Паўлавіча; любімая паэтка юбіляркі – Ганна Ахматава.

Сябры клуба чыталі вершы Раісы Баравіковай, прысвечаныя роднаму дому, маці, каханню, прыродзе.

У ліпені споўнілася 55 гадоў аматару паэзіі, даўняму сябру бібліятэкі, карэспандэнту чэрвеньскай газеты «Раённы веснік» Ігару Адамовічу.

Паэтычныя творы юбіляра друкаваліся ў трох выпусках літаратурнага альманаха «Мая Ігуменшчына», якія падрыхтавалі і выдалі супрацоўнікі бібліятэкі. У бібліятэцы ж у 2007 годзе выдалі паэтычны зборнік Ігара Уладзіміравіча «Споведзь».

Удзельнікі сустрэчы паслухалі вершы самадзейнага паэта. Усіх крануў пранікнёны твор «Шляхі дзяцінства». Сябры клуба даведаліся, што Ігар Адамовіч захапляецца ігрой на гітары, з'яўляецца аўтарам і выканаўцам песень на словы мясцовых паэтаў Генадзя Аўласенкі, Уладзіміра Адамовіча, Уладзіміра Дарагужа, Юрыя Бабіча.

Наступнае пасяджэнне клуба адбудзецца ў апошні чацвер верасня і будзе прысвечана творчасці народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі і паэта Юркі Голуба.

СВЯТЛАНА ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі

цэнтральнай раённай бібліятэкі

Комментарии