«Нявыдуманыя апавяданні Ніны Мацэвіла»

«Нявыдуманыя апавяданні Ніны Мацэвіла» – так называўся літаратурны вечар, які зладзілі ў музеі Станіслава Манюшкі ў Смілавічах. На сустрэчу з пісьменніцай завіталі бібліятэкары і творчая інтэлігенцыя гарадскога пасёлка.

З госцяй прысутных пазнаёміла намеснік дырэктара Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Адамовіч. Яна патлумачыла, што Ніна Мацэвіла – гэта творчы псеўданім Ніны Іванаўны Рудай. Родам пісьменніца з вёскі Лысіца Нясвіжскага раёна. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута працавала перакладчыкам.

Пісаць прозу яна пачала ўжо ў сталым узросце, дзякуючы ўнукам. Менавіта яны прапанавалі бабулі занатаваць усё тое, што было распаведзена пра сваё жыццё. Не толькі дзеля таго, каб засталіся ўспаміны для сям’і, але і для будучых пакаленняў, каб ведалі сваю гісторыю.

Спачатку апавяданні Ніны Іванаўны друкаваліся ў беларускім літаратурна-мастацкім часопісе “Нёман” і дзіцячых часопісах, а потым пачалі выходзіць асобнымі кнігамі ў выдавецтвах.

Ніна Мацэвіла – фіналістка міжнароднага літаратурнага конкурсу “OpenEurasia” (Стакгольм, 2017год) і пераможца міжнароднага літаратурнага конкурсу “Русский Stil-2019” (Парыж, 2019год).

Піша на рускай мове ў жанры мастацка-дакументальнай прозы з мяккім гумарам і тонкім лірызмам. Пабачылі свет кнігі апавяданняў аб прыродзе і жывёлах: “Последняя гроза”, “Жили-были два кота”, “Сороки да вороны”.

У празаічных творах пісьменніца вучыць, акрамя любові да прыроды, яшчэ дзвюм галоўным якасцям, якімі валодае сама – назіральнасці і ўспрымальнасці. Выданні аўтара адрасаваны як дзецям, так і дарослым.

Чакаецца, што сёлета выйдзе кніга апавяданняў Ніны Мацэвіладля сямейнага чытання “Отсветы моего детства”. Шэсць з іх для прысутных прачытала ўнучка аўтара –актрыса і рэжысёр Аляксандра Шпартава.

Затым адбылася душэўная размова пра жыццё і быт беларусаў у ваенныя, пасляваенныя, шасцідзясятыя, сямідзясятыя, васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя.

Напрыканцы літаратурнага вечара Ніна Іванаўна падаравала нашай бібліятэцы свае кнігіз аўтографамі.

Закончылася сустрэча экскурсіяй па адзінаму ў свецемузею Станіслава Манюшкі, якую прафесійна, адкрыта і шчыра правяла навуковы супрацоўнік Ірына Серада.

СВЯТЛАНА ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі

цэнтральнай раённай бібліятэкі

Комментарии