Снежаньскае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь” было прысвечана 65-годдзю паэта Леаніда Дранько-Майсюка. Завітаўшы ў літаратурную гасцёўню “Арыстакрат паэтычнага слова”, удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з жыццём і творчасцю таленавітай асобы.

Сябра клуба Уладзімір Адамовіч узгадаў, як называюць суайчыннікі юбіляра. Ён – паэт 21 стагоддзя, вечны аптыміст, літаратар, музычны рамантык…

Уладзімір Паўлавіч распавёў пра цікавы факт з асабістага жыцця Леаніда Дранько-Майсюка. Падчас вучобы ў Маскоўскім літаратурным універсітэце паэт знаёміцца з будучай жонкай Вольгай. І ўжо на пятай сустрэчы масквічка кажа, што яму патрэбна такая жонка, як яна. Узяла за руку – і завяла ў загс.

Дарэчы, сына Васілька яна нарадзіла ў родным горадзе Леаніда. Уразіла і тое, што Вольга за два месяцы асвоіла беларускую мову і пачала на ёй размаўляць.

З цікавасцю сябры клуба паглядзелі запіс аўтарскага праекта пісьменніка і публіцыста Навума Гальпяровіча “Суразмоўцы” з удзелам Леаніда Дранько-Майсюка.

З вялікім задавальненнем паслухалі запісы песень на словы паэта “Навагодняя свечка” і “Полька беларуская” ў выкананні ВІА “Сябры”. Дарэчы, музычныя творы дадалі ўсім настрою настолькі, што некаторыя з удзельнікаў сустрэчы падпявалі і танчылі.

Падчас пасяджэння клуба “Ветразь” гучалі паэтычныя творы юбіляра, прысвечаныя таямнічай А., роднаму краю, гораду і яго вуліцам.

У рубрыцы “Наш каляндар” гаворка ішла пра жыццё і творчасць Міколы Сурначова. Сёлета яму споўнілася б 105 гадоў.

Напрыканцы сустрэчы Алена Шульга пазнаёміла сяброў клуба са зборнікам вершаў нашага земляка Уладзіміра Паўловіча “Осень жизни”.

Актыўны сябра клуба Уладзімір Адамовіч адзначыў, што гэтае пасяджэнне было адным з лепшых у 2022-м годзе.

Комментарии