У Смілавіцкай гарпасялковай бібліятэцы адбыўся літаратурны вечар, прысвечаны памяці пісьменніка-земляка Эдуарда Ярашэвіча. На вечары прысутнічалі сястра пісьменніка Нэла, пляменніцы Галя і Іна, блізкія сябры пісьменніка… Родныя расказалі пра цяжкія выпрабаванні, якія выпалі Эдуарду ў час вайны. Разам з сям’ёй ён перажыў пакуты Азарычскага лагера смерці. У час вайны згубіся брат Чэсік. І толькі пасля вайны, дзякуючы намаганням бацькі Сігізмунда Ярашэвіча – кадравага афіцэра, удалося знайсці Чэсіка аж у Францыі. Бібліятэкар Тамара Мікалаеўна Галубіцкая паведаміла, што празаік Эдуард Ярашэвіч - уражэнец Бабруйска, у мястэчку жыў з 1946 па 1986 гады. Тут скончыў сярэднюю школу. Пасля выпускнога вечара здарылася няшчасце. Яго паралізавала. Далей вучыцца не змог, быў прыкаваны да ложка. Пачаў займацца літаратурнай творчасцю. Першае апавяданне “І вось што выявілася” пабачыла свет у 1956 годзе ў газеце “Чырвоная змена”. Аўтар кніг “Вішанькі Восіпа Міхеевіча” (1969), “Прызнанне” (1969), “Дзень далёкі і блізкі” (1973), “Практыка ў Вербічах” (1975), “Белыя Лугі” (1978), “Пражыць дзень” (1983), “Чакаю цябе, раніца” (1987)… Прысутныя з задавальненнем дэманстравалі названыя кнігі з аўтографамі аўтара, дапаўнялі вядучую цеплымі ўспамінамі пра пісьменніка-земляка. Амаль усе старэйшыя прысутныя з любоўю называлі яго”наш Эдзік”, больш маладыя – з павагай успаміналі яго як Эдуарда Сігізмундавіча.

    За ганарары Эдуард Ярашэвіч купіў спачатку матацыкл з каляскай, аўтамабіль «Запарожац», затым «Жыгулі». Сам кіраваць Эдзік не мог, таму кіроўцамі былі яго сябры. .Міхаіл Аляксандравіч Салагуб быў добра знаёмы з пісьменнікам. Яму давялося быць вадзіцелем і механікам яго мота- і аўтатэхнікі. Эдуард Ярашэвіч любіў шмат падарожнічаць. На “Жыгулях” разам з Міхаілам Аляксандравічам яму давялося пабываць нават у Крыме. А яшчэ былі паездкі ў Маскву па выдавецкіх справах, па роднай Беларусі – пра гэта гаварыў Аляксандр Віктаравіч Галубіцкі.

    Мая Пятроўна Бурая паведаміла, што ў доме на Камсамольскай, дзе жыў пісьменнік, быў своеасаблівы клуб, дзе збіраліся маладыя людзі. Тут спявалі песні, танчылі, здараліся сапраўдныя шахматныя і шашачныя баталіі – Эдуард у гэтым быў сапраўдны майстар. Бог падрыхтаваў яму цяжкія выпрабаванні, але не абдзяліў талентамі: ён нядрэнна маляваў, іграў на баяне, акардэоне, гітары. Вельмі любіў слухаць песні ў выкананні Ганна Герман.

    Эдуард Сігізмундавіч быў душой Смілавічаў. Да яго ішлі з горам і радасцю. Першых стараўся суцешыць, дапамагчы ў той ці іншай меры, пісаў, калі было трэба, у розныя інстанцыі, а з іншымі дзяліў іх радасць. Многія з суразмоўцаў потым станавіліся героямі яго твораў.

    Ярашэвіч умеў сябраваць, знаходзіць агульную мову са старым і малым, высокаадукаваным і непісьменным, з юнай дзяўчынай і старым партызанам. Таццяна Міхайлаўна Прадко да пісьменніка звярталася Эдуард Сігізмундаваіч. Яна яшчэ калі жыла у Бабруйску пачула, што ў доме, дзе жыў пісьменнік была зроблена спецыяльная сістэма з люстэркаў: хто б не зайшоў у дом, гаспадар адразу бачыў госця. Таццяне Міхайлаўне даводзілася шмат гутарыць з пісьменнікам аб жыцці, некаторы раз даводзілася затрымлівацца да глыбокай ночы, або гутарыць па тэлефоне. З ім было цікава размаўляць.

    Да Э. Ярашэвіча не раз прыязджалі многія вядомыя ў Беларусі і СССР людзі: вядомы ва ўсім свеце дыктар Юрый Левітан, беларускія творцы Павел Місько, Іван Мележ , Іван Шамякін , Генрых Далідовіч , Мікола Чарняўскі …

    Людміла Вацлаваўна Драпеза свой аповед пачала з верша пра Смілавічы. Гэты верш Эдуард Ярашэвіч напісаў па яе просьбе. Яна прадэманстравала альбом, дзе здолела сабраць успаміны пра знакамітага земляка сяброў і блізкіх, каторых з іх ужо няма з намі.

    Памёр Эдуард Ярашэвіч 6 кастрычніка 1986 года. Пахаваны на смілавіцкіх могілках па вуліцы Савецкай. Яго магіла навідавоку, з самага краю.

    Шмат цікавых матэрыялаў прадстаўлена на выставе, прысвечанай знакамітаму земляку: кнігі з аўтографамі аўтара, рукапісы твораў, падарункі ад сяброў і родных, шматлікія фотаздымкі. З гэтымі матэрыяламі можна пазнаёміцца і цяпер у бібліятэцы.

Комментарии