Пайду я ў сонечнае лета... Паэтычны пафас беларускіх пісьменнікаў

 

Доўгачаканае лета нарэшце прыйшло. Вядома ж, такая прыгожая пара не магла не адлюстарвацца у вершах – шмат беларускіх паэтаў прысвяцілі лету свае творы. У іх каласіцца жыта, пчолы збіраюць нектар са стракатых кветак, паўнаводныя рэкі нясуць свае воды праз палі, блакітныя ад васількоў, а уначы над імі раскідваецца зорны небасхіл, па якому плыве таямнічы месяц і хаваецца за лёгкія хмаркі.

Пайду я ў сонечнае лета… Леанід Якубовіч

Пайду я ў сонечнае лета,
Нап'юся хмельнага настою, –
Настою сонца з цёплым ветрам,
З травой духмянай лугавою.

Пайду, паслухаю далёкі
Званок срабрысты жаўруковы,
I шэпт сухі ў зеніце спёкі,
I спеў лагодны раўчуковы.

Убачу вочы ў бліскавіцах,
У залатых іскрынках смеху.
Між верб, расплеценых і ніцых,
Знайду рассыпанае рэха.

…Іду я ў сонечнае лета, –
К стагам пад хусткай снегавою,
К стагам, прапахлым цёплым ветрам,
Расой крамянай лугавою.

 

Летам    Якуб Колас

Ну ж і волі, волі
У гаі за вёскай!
А цяплынь, цяплынь!
Весела на полі,
Слаўна пад бярозкай,
Хоць ты сядзь спачынь.

Пчолкі, матылёчкі,
Як сняжынкі тыя,
Мільгацяць вакол.
Жоўтыя пясочкі –
Крупкі залатыя,
Хоць бяры ў прыпол.

 

Замалёўка  Пятрусь Броўка

Спявае лета над барамі,
Сасёнкі струнамі звіняць,
Гамоніць поле каласамі,
Шапоча ў кветках сенажаць.

Шумяць вятры ў гаях напеўна.
Адна рачулка ў чаратах
Бурчыць, варочаецца гнеўна,
Бы мулка спаць на камянях.

А можа, з навіны ў ахвоту,
Пакуль міне плацінаў строй,
Так напрацуецца да поту,
Што пара раніцой над ёй.

 

Сланечнік  Аркадзь Куляшоў

Сланечнік нам у твары дыхаў цветам,
Мы прыкмячалі летняю парой,
Што ён штодня за сонцам водзіць следам
Сваёй агністай, жаркай галавой.

Што першым ён прыход яго вітае,
I апаўдні стаіць з ім твар у твар,
I першым долу галаву схіляе,
Як коціцца за лес агністы шар.

Ён так стамляўся, наш сланечнік мілы,
Так шчыра сустракаў ён ночы цень,
Як быццам два крутыя небасхілы
Ён разам з сонцам абышоў за дзень.

У сінь нябёсаў просіцца нямала
Сланечнікаў. I верыць я гатоў,
Што гэта сонца так параскідала
Па ўсёй зямлі малых сваіх братоў.

З летніх малюнкаў Янка Купала

Коціцца, ўецца далінкай крыніца,
Б'ецца, плюскоча ў каменнях вадзіца,
Далей плыве і плюскоча.
Белымі грудкамі лёгшы на траўцы,
Хоча дзяўчынка к вадзіцы дастацца,
Губкамі чэрпнуці хоча.

Вольха лісткамі ёй шыю ласкоча,
Плюскатам рэчка смяецца у вочы,
Сонейка ўсіх абнімае.
Сонейка, рэчка, вольха, дзяўчына
Думцы ўсміхаюцца соладка, дзіўна,
Думка іх шчыра вітае…

Васілёк    Авяр’ян Дзеружынскі

Стаіць,
Выглядаючы з жыта,
Як зорачка-знічка
Здалёк,
Што ўпала
Іскрынкай
З блакіту,
Палеткаў краса –
Васілёк.
Калі расцвітае
Цуд гэты,
На полі
Яшчэ гарачэй,
Буяе,
Квітнеецца лета
I фарбы прыроды –
Ярчэй.
Стаіць,
Паглядае з пагорка,
Як зорка
Аднекуль здалёк,
Часцінка
Любімай старонкі,
Часцінка зямлі –
Васілёк.

Маланкі неба пакрамсалі… Кастусь Кірыенка

Маланкі неба пакрамсалі,
Зарніцы ціха адгулі,
I там, дзе воблакі звісалі,
Блакіт, як неба, на зямлі.

Пасля дажджу на луг, на поплаў
Праменняў хлыне вадаспад,
I пад смугой вячэрняй, цёплай
Пяшчотна млее далягляд.

Палеткі дыхаюць, як дзеці.
I я шчасліва ім-кажу:
– Спачніце. Заўтра на дасвецці
Я вас абдымкам разбуджу.

Комментарии