КАРНАЧ Пётр Аляксеевіч (1932-1996 г.г.)- беларускі мастацтвазнаўца, мастак. Кандыдат мастацтвазнаўства (1967).
             Нарадзіўся 1 мая 1932 г. у в. Клінок Чэрвеньскага раёна. У 1955 годзе закончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў акцёрам у тэатры юнага гледача. Але з цягам часу П.Карнач захапіўся выяўленчым мастацтвам. Паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі Навук Беларусі, паспяхова абараніў дысертацыю і атрымаў навуковую ступень кандыдата мастацтвазнаўства. П.А.Карнач апублікаваў 5 манаграфій: “С.Ф.Нікалаеў” (1970), “Дэкарацыйнае мастацтва музычнага тэатра БССР” (1973), “П.В.Масленікаў” (1973), “Я.Чамадураў” (1984), “Мастацтва беларускіх дэкаратараў” (1989). Апрача таго, ён з’яўляўся адным з аўтараў 6-томнай “Гісторыі беларускага мастацтва”, аўтарам раздзелаў па беларускім тэатральна-дэкарацыйным мастацтве і скульптуры для 8-га і 9-га тамоў “Истории искусств народов СССР”, навуковым рэдактарам шэрагу кніг, у тым ліку 3-га і 5-га тамоў “Гісторыі беларускага мастацтва”.
       Напружаная навуковая праца не перашкаджала Пятру Аляксеевічу ўдзяляць увагу пейзажнаму жывапісу, якім ён займаўся са школьных гадоў. Валодаючы прыродным дарам маляваць, шмат працуючы над сабой, паступова авалодаў ён навыкамі прафесіі мастака-жывапісца. Яго карціны адлюстроўваюць хараство роднай зямлі, маляўнічую прыроду, любасць да іх, вызначаюцца выразнасцю, асаблівай шчырасцю. Для іх характэрна аўтарская індывідуальнасць, адметнае і ўдалае каляровае спалучэнне. У кожнай карціне часцінка душы мастака. У Пятра Карнача былі шматгранныя і невычарпальныя здольнасці. Ён валодаў выразным, здатным голасам і выступаў яшчэ ў ролі спевака. Часам даваў канцэрты, у якіх прыгожа выконваў беларускія, рускія, украінскія народныя песні, рамансы, арыі з опер, песні сучасных кампазітараў. 
                 У 1996 годзе быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі. 
           Памер Пётр Аляксеевіч 25 жніўня 1996 года. Пахаваны на могілках у роднай вёсцы Клінок.
            У гонар памяці свайго знакамітага земляка бібліятэкар Кліноцкай сельскай бібліятэкі Людміла Мікалаеўна Пац арганізавала выставу-інсталяцыю “Дары прыроды”, на якой прадставіла карціну мастака “Нацюрмот”, кнігі з аўтографам, падараваныя Пётром Мікалаевічам сваім землякам. Інсталяцыю дапоўнілі агародніна і садавіна - атрымаўся сапраўдны “Нацюрморт” у нацюрморце. Мець такога земляка – сапраўдны дар прыроды.





Комментарии