Мультфільмы на беларускай мове.

21 Лютага Міжнародны дзень роднай мовы.
Прапануем вам паглядзець некалькі мультфільмаў на беларускай мове!

Мультфільм «Лагодны воўк»


Мультфільм «Лагодны воўк» зняты на кінастудыі «Беларусьфільм» - 2018 год.

Воўк жыў у глыбіні лесу і быў увесь час галодным. Усё таму, што меў жаласлівае сэрца. Харчаваўся травой, мёдам і піў гарбату. За гэта іншыя ваўкі прагналі яго са сваёй зграі, а астатнія звяры працягвалі баяцца. Аднойчы зімой ваўку ўжо стала невыносна галадаць, і ён усё ж такі вырашыў у дзеда з бабай скрасці баранчыка. Скраў і не змог яго з'есці, пашкадаваў. Замест гэтага напаіў яго гарбатай і зладзіў танцы. А ў гэты час дзед са стрэльбай і сабакам прыйшлі да дома ваўка, каб вярнуць свайго баранчыка і пакараць галоднага звера. Здзівіўшыся, дзед запрашае ваўка да сябе дадому, дзе герояў чакае вясёлае чаяванне. Музыку да фільма напісаў кампазітар Леанід Паўлёнак, а выканаў яе вядомы беларускі фолк-гурт «Нагуаль».

Мультфільм «Лагодны воўк» зняты па казцы беларускага аўтара Алены Масла.
Рэжысёр-пастаноўшчык: Наталля Дарвіна.
Аўтары сцэнарыя: Алена Масла, Наталля Дарвіна.
Мастак-пастаноўшчык: Святлана Катлярова.
Гукарэжысёр: Уладзімір Ярмоленка.
Кампазітар: Леанід Паўлёнак.

Неаднаразова мультфільм удзельнічаў у фестывалях і конкурсах:
— Дыплом за лепшае музычнае суправаджэнне на VI Міжнародным кінафестывалі дзіцячага і сямейнага кіно «0+» (Расія, Цюмень, 30 верасня – 6 кастрычніка 2019 г.);
— Дыплом лаўрэата «За добры гумар і захаванне традыцый нацыянальнай анімацыі» на XХIV Міжнародным фестывалі кіно і тэлепраграм «Раданеж» (Расія, Масква, 22 – 25 лістапада 2019 г.);
— Дыплом «Лепшы камедыйны анімацыйны фільм на кінафестывалі «Святы Уладзімір» (Расія, Севастопаль, 19 – 23 кастрычніка 2019 г.);
— Прыз у намінацыі «Лепшы анімацыйны фільм для дзяцей» на фестывалі Animaevka-2019 (Беларусь, Магілёў, 19 – 23 кастрычніка 2019 г.).
— Уключаны ў конкурсную праграму «Дарослыя для дзяцей» X Усерасійскага фестывалю дзіцячага кіно і тэлебачання «Вясёлая ларга» (Расія, Уладзівасток, 31 студзеня 2019 – 1 лютага 2020 г.).


Мультыплікацыйны фільм «Піліпка»

Мультыплікацыйны фільм «Піліпка» зняты на кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёрам Таццянай Кубліцкай у 2012 годзе.

У аснову сюжэту карціны «Піліпка» пакладзена беларуская народная казка пра маленькага хлопчыка, які сваёй дабрынёй здолеў змякчыць сэрца злой Бабы Ягі і тым самым выратаваць сваё жыццё. Хлопчык і ведзьма («Піліпка-сынок», «Піліпка і ведзьма») — сюжэт усходнеславянскіх народных казак. Мультфільм рабілі з разлікам на дашкольнікаў і вучняў малодшых класаў. Асаблівую цеплыню дадае стужцы тэхніка камп’ютарнай перакладкі, дзякуючы якой героі крыху падобныя на папяровых лялек.

Узнагароды:

— Гран-пры конкурсу анімацыйных фільмаў X Міжнароднага дабрачыннага кінафестывалю «Прамяністы анёл» (Масква).
— Прызнаны лепшым на 53-м Міжнародным кінафестывалі фільмаў для дзяцей і юнацтва ў Зліне (Чэхія).
— Найлепшы фільм для маленькіх па выніках маскоўскага фестывалю «Сказка» у 2012 годзе.


Мультфільм «Чортаў скарб»

Рэжысёр: А. Ленкін
Кампазітар: Андрэй Ледзянёў
Год: 1992
Краіна: Беларусь
Мова: беларуская

Пра фільм: Паводле казкі Уладзіміра Караткевіча«Чортаў скарб».

У нейкім прыгожым краі, трошкі бліжэй Сонца і трошкі далей ад Месяца, у краі, багатым залатымі нівамі, празрыстымі рэкамі, сінімі азёрамі ды цёмнымі пушчамі... Словам, у тым краі, дзе мы з табою жывeм, стаяла, а можа, і цяпер стаіць адна хата.

А жыў у гэтай хаце селянін па імені Янка. Здаровы, як зубр, добры і недужа мудры. Было ў яго пяцьдзесят сыноў, сорак валоў і кошка. Ну, можа, не пяцьдзесят сыноў, а тры, не сорак валоў, а два. Але кошка была, гэта ўжо можаце мне паверыць. Пярэстая. З чатырма лапамі. З адным хвастом.
Араў Янка зямлю, пасвіў каровы і хмары. І жыў бы зусім добра, каб не звалілася на яго бяда.
Было гэта даўно. Так даўно, што на Беларусі тады яшчэ вадзіліся чэрці...
 



Комментарии